Буйныя палітычныя, эканамічныя і ваенныя поспехі, дасягнутыя Расіяй у выніку грандыёзных пераўтварэнняў першай чвэрці XVIII стагоддзя, вылучылі яе ў шэраг вядучых дзяржаў свету. Загартаваная ў баях шматгадовай Паўночнай вайны, мацнела яе армія. Пры гэтым Пётр I адным з першых зразумеў цесную ўзаемасувязь ваеннай справы, эканомікі і навукі. Па яго настойлівай ініцыятыве да вырашэння чыста армейскіх праблем былі прыцягнуты многія выбітныя вучоныя, якія ўваходзілі ў склад адкрытай у 1725 годзе Пецярбургскай акадэміі навук.
Нямногія ведаюць, што М. В. Ламаносаў распрацаваў новы склад артылерыйскага пораху, які ўключаў калійную селітру, драўняны вугаль і серу. Дарэчы, ён не зведаў колькі-небудзь істотных зменаў да нашых дзён.

27. Саракачатырохствольная хуткастрэльная батарэя А. К. Нартова.
28. Трох’ярусная ўстаноўка, якая ўключала 24 мортары.
29. Дваццацічатырохствольная ўстаноўка «Орган».


Акадэміку І. Лейтману належыць прыярытэт у распрацоўцы тэорыі наразной зброі. У 1728 годзе, у перыяд паўсюднага панавання гладкаствольнай артылерыі, ён апублікаваў у «Каментарыях» Пецярбургскай акадэміі навук працу «Пра тое, як у ствале зададзенай даўжыні правільна наразаць спіральныя дарожкі пэўнай крутасці». Адстойваючы ўкараненне ў армію наразной артылерыі, Лейтман у сваёй працы «Пра некаторыя новыя, выдатныя доследы і развагі, што датычацца артылерыі» (1729 год) даказаў, што з наразных гармат мэтазгодней весці агонь падоўжанымі снарадамі, а не традыцыйнымі круглымі ядрамі, бо першыя «не толькі лепш паражаюць мэту, але і захоўваюць рух, больш прыдатны да прамалінейнага». У сувязі з гэтым нагадаем, што англічанін Робінс, якому замежныя гісторыкі доўгі час прыпісвалі першынство ў тэарэтычным тлумачэнні ўплыву нарэзаў на дакладнасць стральбы, зрабіў свае адкрыцці праз 14 гадоў пасля Лейтмана. А ў 1730 годзе з’явілася новае даследаванне расійскага вучонага — «Высновы і доследы пра некаторыя рэдкія і цікаўныя выпадкі стральбы з наразной зброі», пры гэтым вучоны прапанаваў паліганальныя ствалы эліптычнага сячэння — за сто гадоў да англічан!

Член Расійскай акадэміі навук Данііл Бернулі ўнёс значны ўклад у стварэнне і распрацоўку тэорыі ўнутранай балістыкі, а выбітны матэматык Леанард Эйлер разлічыў табліцы стральбы, якімі расійскія артылерысты паспяхова карысталіся на працягу стагоддзя.
Развіццё ваеннай навукі аказвала непасрэдны ўплыў на дзейнасць збройнікаў. Самым выбітным з іх у тыя гады быў, мабыць, выдатны механік А. Нартов. «Птушаня гнязда Пятровага», ён пасля заканчэння навігацыйнай школы стаў асабістым токарам цара, затым заняў пасаду саветніка пры Канцылярыі галоўнай артылерыі і фартыфікацыі. Аднойчы заняўшыся пытаннямі павышэння хуткастрэльнасці батарэй, Нартов у 1741 годзе вынайшаў трохфунтовую артсістэму, якая складалася з 44 мортаркаў, змантраных у некалькіх групах на драўляным гарызантальным крузе. У баі, у той час як адны групы мортаркаў вялі залпавы рассейвальны агонь, другія зараджаліся. У хабатавой частцы батарэі Нартова меўся металічны вінт, які служыў для надання гармаце патрэбнага кута ўзвышэння. Пазней вынаходнік на тым жа прынцыпе стварыў 24-ствольную ўстаноўку «Орган».

30. Пад’ёмны клін, які падкладваўся пад казённую частку гарматы.
31. Пад’ёмны механізм, які складаўся з вертыкальнага вінта і нерухомай гайкі. Прапанаваны палкоўнікам М. А. Талстым у 1744 годзе.

Аснашчэнне артылерыстаў XVIII стагоддзя (справа налева): шуфля — совак для дасылання пораху ў ствол, прыбойнік, баннік, абматаны авечай скурай. Ужываўся для чысткі ствала, звычайны баннік, выцягвальнік пыжа, пальнік, праколачнік, дошка, па якой вызначалі калібр ядраў, і вядро, у якім змочвалі баннік.


Не менш арыгінальна Нартов распрацаваў пытанні прымянення надкаліберных снарадаў. У 1744 годзе падчас эксперыментаў артылерысты стралялі шасціфунтовымі снарадамі з трохфунтовых гармат, а з дванаццаціфунтовых — двухпудовымі бомбамі. На падставе такіх доследаў спецыялісты прыйшлі да высновы, што «пра такую новастввораную агнявую інвенцыю не чутна ні ў Расіі, ні ў іншых дзяржавах».
Не абмяжоўваючыся распрацоўкай новых гармат, Нартов стварыў прыбор для навядзення гармат на мэту. Ён уяўляў сабой градуіраваную шкалу, прымацаваную да сістэмы вертыкальнай наводкі. Гэтае новаўвядзенне вызваліла наводчыкаў ад неабходнасці карыстацца ў баявых умовах грувасткім квадрантам.
І гэта яшчэ не ўсё — таленавіты вынаходнік прапанаваў новыя спосабы ліцця ствалоў і абточкі цапф, шліфоўкі снарадаў і многае іншае. Некаторыя распрацоўкі выбітнага расійскага збройніка не страцілі значэння і сёння.
…Наіўна было б меркаваць, што развіццё артылерыйскай справы ішло без прыкрых памылак і хібных шляхоў. Так, у 1734 годзе на ўзбраенне прынялі паспешліва створаныя, шматабяцальныя, але на справе непаваротлівыя і з надзвычай нізкай хуткастрэльнасцю гарматы. Дастаткова сказаць, што на выраб усяго аднаго стрэлу разлікі трацілі да 2 хвілін. З гэтай прычыны давялося адмовіцца ад хуткага картузавага зараджання і «ўзброіць» кананіраў доўгай шуфляй — прыстасаваннем, з дапамогай якога зарад укладваўся ў канал ствала. Патрэбны кут узвышэння гарматам спрабавалі надаваць з дапамогай дубовага кліна, які забівалі пад ствол, што, вядома, не забяспечвала аднастайнасці і дакладнасці навядзення батарэй.

Некаторыя ўзоры замежных шматствольных гармат:
32. Ствол гарматы з сямю каналамі.
33. Пяцідзесяцішасціканальная ўстаноўка.
34. Пяцідзесяцішасціствольны «Орган».

Але ўжо ў 1744 годзе палкоўнік М. А. Талстой, паставіўшы сабе за мэту павялічыць хуткастрэльнасць і дакладнасць агню артылерыі, прапанаваў замяніць дубовыя кліны, што не апраўдалі сябе (яны зрушваліся пасля кожнага стрэлу), пад’ёмным механізмам, які складаўся з вертыкальнага вінта і нерухомай гайкі.
Праз чатыры гады падпалкоўнік І. Дзямідаў настаяў на вяртанні да картузавага спосабу зараджання гармат. Ён жа распрацаваў для артылерыстаў удасканаленыя хуткастрэльныя трубкі і шчацінныя баннікі, з дапамогай якіх можна было хутчэй і лепш ачышчаць пасля стральбы каналы ствалоў.
Новыя артылерыйскія сістэмы, распрацаваныя і ўдасканаленыя з улікам баявога досведу Паўночнай вайны, з поспехам прайшлі праверку на палях бітваў у Сямігадовай вайне (1756—1763 гады). Яны ж паслужылі прататыпамі для новых гармат, якія былі ўжываныя ў баях з напалеонаўскімі войскамі ў пачатку XIX стагоддзя. Але пра гэта размова наперадзе…



На застаўцы: шматствольныя гарматы на полі бою (паводле нямецкага малюнка XVI стагоддзя).