Cоветская танкетка Т23

Скончылася Першая сусветная вайна. На палях яе бітваў былі выкарыстаны лёгкія, сярэднія і цяжкія танкі. І ўсё ж некаторым спецыялістам здавалася, што ўсяго гэтага разнастайця недастаткова.

Палкоўнік Ж. Эцьен і англійскі маёр Дж. Мартэль яшчэ ў 1915 годзе марылі пра «роі браніраваных застрэльшчыкаў». Гэтую ідэю пасля вайны адрадзіў вядомы ваенны тэарэтык Дж. Фулер. Ён лічыў, што неабходна мець мноства лёгкіх і танных у вытворчасці браніраваных машын, разлічаных на аднаго-двух чалавек.

Першы падобны праект распрацаваў у нашай краіне ў 1919 годзе інжынер Максімаў. Канструктар імкнуўся стварыць простую і танную баявую машыну. Ён назваў яе «Шчытоноска». Адзіны член экіпажа «Шчытоноскі» размяшчаўся ў ёй... лежачы, што дазваляла атрымаць надзвычай малую вышыню машыны. Але, зразумела, у такім вельмі нязручным становішчы вадзіцель танкеткі не мог адначасова кіраваць ёю і страляць з кулямёта, ён нават не мог назіраць за полем бою. А крыху пазней у брытанскае ваеннае ведамства звярнуўся Мартэль са сваім праектам звышлёгкага танка для аднаго чалавека. Атрымаўшы адмову, ён у 1924 годзе пачынае будаваць яго ў сваім гаражы.

Англійская танкетка Мартэля
Мал. 15. Англійская танкетка Мартэля. Баявая маса — 2,2 т. Экіпаж — 1–2 чал. Узбраенне — 1 кулямёт. Таўшчыня брані — 8–10 мм. Рухавік — 16 к. с. Хуткасць па шашы — 25 км/г.

Канструяваннем міні-танка заняліся таксама капітаны В. Лойд і Дж. Карден у майстэрні, што належала Кардену.

Намаганні Мартэля ўвянчаліся поспехам: у 1925 годзе ён дэманструе прадстаўнікам ваеннага міністэрства своеасаблівы гібрыд паміж аўтамабілем і танкам. Машына спадабалася, і аўтамабільныя фірмы «Морыс» і «Крослі» працягнулі далейшую распрацоўку ідэі Мартэля. Міністэрства зацікавілася таксама працай Кардэна і Лойда і даручыла заводу «Вікерс-Армстронг» прадаставіць ім сваю тэхнічную базу. Так была пабудавана цэлая серыя аднамесных і двухмесных танкетак — як сталі называць гэтыя звышмалыя танкі («танкетка» — французская памяншальная форма ад англійскага слова «танк»). Падчас выпрабаванняў высветлілася, што адзін чалавек не можа справіцца з функцыямі вадзіцеля, назіральніка і стралка. Ад ідэі аднамеснай танкеткі адмовіліся. Апошняя яе мадэль — «Карден-Лойд» Мк-VI (канец 1928 г.) — стала адначасова і адной з самых вядомых, і адной з найбольш крытыкаваных машын у сусветным танкабудаванні. Яе прыняла на ўзбраенне англійская армія, але з-за слабой бранявой абароны танкетка выкарыстоўвалася абмежавана — у якасці лёгкага артылерыйскага цягача. Акрамя таго, яна паслужыла базай для вопытных самаходных установак 47-мм гарматы і 94-мм мінамёта.

Савецкая танкетка Т17
Мал. 16. Савецкая танкетка Т17 («Ліліпут»). Баявая маса — 2,4 т. Экіпаж — 1 чал. Узбраенне — 1 кулямёт. Таўшчыня брані — 7–14 мм. Рухавік — 18 к. с. Хуткасць па шашы — 16 км/г.

Танкетка Мк-VI была надзейнай машынай надзвычай простай канструкцыі. Рухавік у азбеставай ізаляцыі размяшчаўся ў сярэдзіне корпуса, паміж месцамі вадзіцеля і стралка, што дазволіла паменшыць даўжыню машыны, захоўваючы дастаткова вялікую шырыню і тым самым павысіць яе манеўранасць. Яна мела планетарную каробку перадач і аўтамабільны дыферэнцыял у якасці механізму павароту. Падтрымліваючых ролікаў не было — верхняя галінка гусеніцы слізгала па жалабе. Кулямёт з вадзяным астуджэннем сістэмы «Вікерс» размяшчаўся ў здымнай устаноўцы, мог быць лёгка зняты з машыны і ўсталяваны для стральбы на трынозе, якую вазілі на даху. З-за адсутнасці вежы вышыня танкеткі была невялікай.

Нізкае размяшчэнне цэнтра цяжару прадухіляла яе перакульванне на крутых схілах.

Танкетку Мк-VI з-за відавочных тактычных недахопаў (перш за ўсё з-за адсутнасці вежы, што не дазваляла дастаткова эфектыўна выкарыстоўваць узбраенне) знялі з вытворчасці ўжо праз год.

Англійская танкетка
Мал. 17. Англійская танкетка «Карден-Лойд» Мк-VI. Баявая маса — 1,4 т. Экіпаж — 2 чал. Узбраенне — 1 кулямёт. Таўшчыня брані — 9 мм лоб, 6 мм борты корпуса. Рухавік — «Форд» Т, 22,5 к. с. Хуткасць па шашы — 45 км/г. Запас ходу па шашы — 160 км.

У канцы 20-х гадоў у капіталістычным свеце разгарэўся эканамічны крызіс. Англійскі ўрад не мог выдзяляць вялікія сродкі на ўтрыманне і ўзбраенне арміі. З іншага боку, англійская ваенная прамысловасць мела патрэбу ў рынках збыту сваёй прадукцыі. Танкетцы неабходна было стварыць рэкламу. Бо менавіта гэтая танная і простая ў вытворчасці машына ў гады фінансавых цяжкасцей абяцала задаволіць патрабаванні тэарэтыкаў механізаванай вайны. Для каланіяльных дзяржаў яна была проста знаходкай. Тады ж старонкі часопісаў і газет абышла фатаграфія каня і танкеткі, што стаялі побач. Маўляў, паглядзіце, які невялікі сучасны браніраваны «конь»: танны, надзейны ў любых умовах і патрабуе мінімальнага догляду. Магчыма, рэклама сыграла сваю ролю: танкеткі Мк-VI закупілі 16 краін, а Італія, Польшча, Францыя, Чэхаславакія і Японія набылі ліцэнзію на іх вытворчасць. Для патрэб англійскай арміі было пабудавана 325 танкетак і больш за сотню на экспарт. Пяць танкетак купіла Балівія і выкарыстала іх у вайне з Парагваем (1932–1935 гг.). Саудаўская Аравія ўжывала такія танкеткі ў шматлікіх памежных інцыдэнтах з Еменам. Першыя ж баявыя сутыкненні паказалі ўразлівасць танкетак нават для стралковай зброі. Несапраўднай аказалася канцэпцыя выкарыстання танкетак як механізаванай брані пяхоты. Але гэтым захапленнем у 20-я і на пачатку 30-х гадоў «перахварэлі» амаль усе арміі свету.

У канцы 20-х гадоў савецкія канструктары, ужо маючы пэўны досвед будаўніцтва танкаў, стварылі некалькі эксперыментальных узораў танкетак. У той час лічылася, што Чырвоная Армія мае патрэбу ў лёгкай шматмэтавай браніраванай машыне — для разведкі, аховы, сувязі і суправаджэння танкавых частак.

Галоўнае канструктарскае бюро Артылерыйска-Арсенальнага трэста распрацавала танкетку Т17 («Ліліпут»). У верасні 1927 года яе будаўніцтва даручылі заводу ў Ленінградзе. Танкетка задумвалася ў двух варыянтах: кулямётным і гарматным. Спецыяльна для яе сканструявалі рухавік паветранага астуджэння, трансмісію і гумова-металічную гусеніцу. Некалькі пазней па тыпе танка МС-1 распрацавалі двухмесную танкетку Т23, якая ўяўляла сабой як бы яго палегчаны варыянт. Пастаяннага ўзбраення на ёй не было; яна магла служыць як перавозчык кулямётаў або лёгкі бранятранспарцёр.

У 1929–1931 гадах выпусцілі некалькі машын Т17 і Т23, але ў серыйную вытворчасць яны так і не пайшлі.

Не адставалі ад іншых і канструктары Францыі і ЗША. З 1921 па 1928 год ужо вядомая нам фірма «Сен-Шамон» стварыла чатыры эксперыментальныя ўзоры аднамесных і двухмесных колава-гусенічных танкетак. Для аднаго чалавека прызначалася і амерыканская танкетка Т1 фірмы «Канінгем» (1928 г.). Але ўсе гэтыя распрацоўкі так і не выйшлі са стадыі эксперымента.


На застаўцы: савецкая танкетка Т23. Баявая маса — 3,5 т. Экіпаж — 2 чал. Узбраенне — не ўсталявана. Таўшчыня брані — 6–10 мм. Рухавік — 40 к. с. Хуткасць па шашы — 35 км/г.